ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА.

жуцаўская культура, археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. жылі на ПнЗ Беларусі і ПдУ Прыбалтыкі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, жывёлагадоўляй і земляробствам; карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, вырабляла каменныя шліфаваныя сякеры лодкападобнай формы, свідраваныя матыкі. Жыло каля вадаёмаў у прамавугольных жытлах на слупах, з двухсхільным дахам. Унутры іх размяшчаліся адкрытыя агнішчы, выкладзеныя камянямі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у скурчаным становішчы; пахаванні адзінкавыя і групавыя. З керамічных вырабаў найб. пашыранымі былі гаршкі з выразнай шыйкай і амфары, арнаментаваныя гарыз. шнуравымі адбіткамі, насечкамі, нарэзкамі, наколамі, наляпнымі гафрыраванымі каўнерыкамі-валікамі. Сустракаюцца ўпрыгожанні з зубоў жывёл, бурштыну, стылізаваныя фігуркі чалавека і інш. Найб. выразныя матэрыялы П.к. на бел. Панямонні выяўлены на стаянках Лічыцы, Ярэмічы, Русакова, у пахаваннях каля пас. Краснасельскі.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)